Іншасвет

Выстава эзатэрычнага мастацтва

Праект “Іншасвет” прадстаўляе кола мінскіх мастакоў, у творчасці якіх пераважае эзатэрычны пачатак. Абсалютна розныя, незалежныя адно ад аднаго аўтары, чые працы нясуць сугучную энергетыку і засяроджаны на раскрыцці таямніц унутранага космасу. Медытатыўныя паводле настрою, гарманічныя паводле кампазіцыі і колеравага вырашэння, яны закранаюць пачуцці любові, унутранага хараства, свабоды чалавечага духу. Гэтыя акалічнасці дазваляюць смела аднесці падобныя вопыты да стылістыкі “new-age”, што імкліва пашыраецца ў сферы сучаснага мастацтва (згадаем трыўмф фільма “Дрэва жыцця”, папулярнасць музыкі “Enigma”, “Era” і інш.). Не хочацца быць катэгарычным, але менавіта ў пошуку новых форм і сцвярджэнні новых сэнсаў, звязаных з пашырэннем чалавечых ведаў пра Сусвет, разуменнем яго духоўнай прыроды, засваеннем вопыту цывілізацый Захаду і Усходу, магчыма, і праяўляюцца тыя тэндэнцыі, што стануцца вызначальнымі для мастацтва ХХІ стагоддзя.

Яшчэ адна характэрная рыса аб’ядноўвае аўтараў, што ўдзельнічаюць у выставе: яны працуюць у традыцыйных мастацкіх тэхніках (станкавы жывапіс, разная драўляная скульптура) без выкарыстання сучасных тэхналогій , але для зместу іх прац характэрны самыя смелыя пошукі і эксперыменты.

Ускрыленая і паветраная “Песня адзінства” Віктара Васюкевіча сцвярджае адзінства ўсяго існага, адзінства Творцы і тварэння, г. зн. людзей і Бога, у сусвеце. Мінімалістычныя кампазіцыі Сяргея Пыжыкава спрабуюць зафіксавасць стан цякучасці жыцця, яго імгненных праяў у іх касмічным маштабе. Гарачыня горных краявідаў на палотнах Афеліі Міхлеевай гаворыць пра імклівы палёт душы, абуджае ў сэрцы прагу да новых вяршыняў. Насычаныя колерам абстракцыі Вячаслава Аўгусціновіча выяўляюць глыбокае перажыванне рэчаіснасці ў яе шматслойнай і мнагамернай прыродзе, пярэстай, як узмах матыльковага крыла. Серыя прац “Сонца кветак” Аляксандра Крэса, з аднаго боку, ілюструе натуральныя законы жыцця, яго ўзаемасувязь з першакрыніцай – Сонцам, а з іншага – паказвае парыванне кожнага чалавека, кожнай асобы (кветкі) да Ўсявышняга. Драўляная скульптура Аляксандра Завадскага, што чэрпае свае асновы ў народным мастацтве, вылучаецца імкненнем да раскрыцця нематэрыяльных з’яў і абстрактных паняццяў з дапамогай аб’ёму і пластыкі.

Выстава працягнецца да 21 ліпеня 2011 г.

Куратар выставы Алесь Сухадолаў

----------

Комментарии