Лемарыс

11 кастрычніка а 17-й гадзіне ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё міжнароднага мультыпраекта «Лемарыс», які прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння Станіслава Лема.

Станіслаў Лем – польскі пісьменнік, сатырык, філосаф, фантаст і футуролаг, кнігі якога перакладзены больш чым на 30 моў свету. Ён па праву лічыцца адным з самых выдатных пісьменнікаў-філосафаў ХХ стагоддзя. Яго творы адносяць да класікі фантастычнага жанру.

Пісьменнік ствараў дзіўныя, небывалыя сусветы, яго героі сутыкаюцца з невядомымі для чалавека істотамі, вырашаюць найважнейшыя пытанні чалавечага быцця, губляюць і знаходзяць сябе ў бясконцых прасторах Космасу. Творы Станіслава Лема вырываюць чытача са звыклага асяроддзя і прымушаюць паглядзець на сваё жыццё пад іншым ракурсам. Проза Лема – хутчэй філасофія, якая падаецца чытачу ў мастацкіх вобразах. Ён залівае яркім і халодным святлом розуму патаемныя куткі чалавечай душы. Пад сумненне ставіцца ўсё – ажно да самых простых і ўстойлівых ісцін.

Станіслаў Лем пісаў пераважна пра немагчымасць зносін чалавецтва з далёкімі ад людзей пазазямнымі цывілізацыямі, а таксама пра тэхналагічную будучыню нашай планеты. Больш познія яго працы прысвечаны паказу жыцця ідэалістычнага, утапічнага грамадства і праблемам існавання чалавека ў свеце, у якім яму няма чым заняцца з-за тэхналагічнага развіцця. Яркія вобразы, мудрагелістыя характары і глыбокі псіхалагізм твораў прыцягваюць да сябе мастакоў розных жанраў. Гледачы гэта ўбачаць на мастацкай выстаўцы, якая ўключае творы жывапісу, графікі, скульптуры, фота.

Мультыпраект «Лемарыс» уключае ў сябе шэраг асобных праектаў:

• выстаўка-прагляд кніг С. Лема з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі;

• выстаўка кніжнай калекцыі перакладчыка лемаўскіх твораў Віктара Язневіча;

• выстаўка выданняў аднаго твора (раман «Салярыс»);

• выстаўка ілюстрацый да твораў С. Лема польскага графіка Даніэля Мроза;

• выстаўка ілюстрацый да твораў С. Лема мастака з Санкт-Пецярбурга Аляксея Андрэева;

• выстаўка аўтарскіх малюнкаў С. Лема;

• выстаўка твораў беларускіх мастакоў, прысвечаных творчасці
С. Лема (жывапіс, фота, скульптура, камп’ютарная графіка і г. д.).

----------

Комментарии