На шляху да Першаасновы

Планетарый у парку Горкага, Інстытут тэалогіі БДУ, а цяпер яшчэ і Чырвоны касцёл — у гэткіх незвычайных месцах праходзілі летась выстаўкі жывапісу Віктара Васюкевіча. Калі спытаць у аўтара, ці думаў ён раней пра такі выставачны “маршрут”, ён адкажа, што сам уласна не планаваў ніводнага з гэтых крокаў. І сапраўды, здаецца, што мастака нібы накіроўвае сам Бог, ведучы адметным шляхам і ў жыцці, і ў творчасці.

Вось што кажа на гэты конт В. Васюкевіч у адным са сваіх верлібраў (у вершах ён імкнецца даць своеасаблівае тэарэтычнае абгрунтаванне сваіх мастацкіх знаходак):

Госпаду аддаў сэрца і жыццё,
Сказаўшы: “Будзь па-Твойму”.
Ведаю, што кожны дзень
Я скуголіць буду,
Таму што жыць прывык
Так, як я хачу.

Мастак лічыць, што на шляху духоўнага развіцця і творчага ўдасканалення чалавек мусіць адмовіцца ад свайго эгаістычнага “я” — але не дзеля растварэння у агульнай масе, а для спаўнення тых планаў, што ўскладзены звыш на кожнага з нас.

В. Васюкевіч не так даўно прыйшоў да цяперашняга стылю сваіх работ — абстракцыі. Перад гэтым былі рознабаковыя творчыя пошукі і цяжкія жыццёвыя выпрабаванні. На прыкладзе яго апошніх выставак мне б хацелася паразважаць пра той шлях, па якім імкліва рухаецца пэндзаль аўтара.

Першая выстаўка, якую мы зладзілі сумеснымі намаганнямі (я выступіў як куратар), прайшла вясною 2009 года ў сталічнай галерэі Vilnius і атрымала цалкам свецкую назву “Колерамузыка”. Акрамя абстракцыі тут былі прадстаўлены іншыя напрамкі творчасці В. Васюкевіча: раннія геаметрычныя кампазіцыі, пейзажныя эцюды, эксперыменты ў графіцы. Напрыканцы таго ж года — дарэчы, Міжнароднага года астраноміі — чарговая выстаўка адкрылася ў Мінскім планетарыі. Мэтай гэтага праекта было засяродзіць увагу на касмічным пачатку аўтарскай творчасці. Сам Віктар з дзяцінства захапляўся фантастыкай.

Праўда, астраноміяй, у адрозненне ад калегі Язэпа Драздовіча, усур’ёз не цікавіўся, але і неабазнаным вокам можна заўважыць падабенства ў гарманічнай структуры жывапісу Віктара з фотаздымкамі касмічных прастораў, атрыманымі з дапамогай тэлескопаў. На выстаўцы ў планетарыі мы імкнуліся адлюстраваць пэўную тоеснасць творчай інтуіцыі мастака і сучасных навуковых тэндэнцый. З‘яўляючыся шчырым вернікам, В. Васюкевіч не імкнецца аспрэчваць палажэнняў тэарэтычнай фізікі і прыродазнаўства. На яго погляд, тая ж тэорыя Вялікага Выбуху — гэта “навуковы погляд на прыроду Бога”. Навука не супярэчыць рэлігіі, яны разглядаюць адну з‘яву з дапамогай розных інструментаў: розуму і сэрца. А мастацтва — гэта тая плоскасць, на якой гэтыя супрацьлегла скіраваныя вектары здольны перасячыся.

У творчасці В. Васюкевіча можна адшукаць спасылкі на сучасныя навуковыя тэорыі, якія, зразумела, зроблены несвядома. Напрыклад, тэорыю сімуляцыі, да якой нярэдка звяртаецца ў сваіх сюжэтах беларускі пісьменнік Юры Станкевіч . У Віктара ёсць цэлы цыкл карцін “Ілюзіі”, які ён стала працягвае. У гэтых творах аўтар нібы імкнецца паўтарыць акт Боскага Тварэння, стварыць ілюзію ўласнага сусвету — бясконцага, вечнага, што дасягаецца за кошт цыклічнай кампазіцыі палотнаў (у постмадэрновым мастацтве, дарэчы, цыклічнасць сюжэтаў з‘яўляецца ці не адным з базавых прынцыпаў). Тым самым жывапісец намякае на ілюзорнасць рэчаіснасці (вядомы дагмат будызму), на яе штучны, уяўны, нематэрыяльны характар. Тэорыя сімуляцыі, выведзеная ў працах трансгуманістаў Ніка Бострама, Бары Дайнтана і інш., вылучае тэзіс, што чалавецтва на самай справе існуе ў віртуальнай прасторы, штучна змадэляванай рэчаіснасці, у аснове якой — інфармацыя. З гэтым сцвярджэннем перагукаецца карціна В. Васюкевіча, якая атрымала адпаведнае найменне “Матрыца” (прыгадаем вядомую кінастужку братоў Вачоўскі). Гэткім чынам мастак апантана змагаецца з матэрыялізмам як пануючым сярод мас светапоглядам.

Для ілюстрацыі абазначаных вышэй палажэнняў мне б хацелася звярнуцца да адной з апошніх работ аўтара пад назвай “Імгненне”. Што гэта за імгненне? Імгненне даўжынёй у вечнасць? “Альфа і Амега, пачатак і канец?..” У гэтым творы перш за ўсё бачу адлюстраванне згаданай ужо тэорыі Вялікага Выбуху. Але ж гэта не спусташальны ядзерны “грыб”, у аснове выявы — неверагодная гульня і ўзаемадзеянне колераў, гранічная экспрэсія і разам з тым даволі цёплая і пяшчотная палітра. Тут выяўлены агонь, які сагравае, а не апякае. Не пабаюся сказаць, што гэта адушаўлёная ілюстрацыя халоднай навуковай тэорыі. Гледзячы на гэту выяву, можна разважаць і пра сінгулярнасць (г. зн. узнікненне сусвету з бясконца малой велічыні), і пра пашырэнне сусвету (а таксама адваротны яму працэс сціскання), і пра навуковы крэацыянізм… А разам з тым — пра Усявышняга, Яго святло і любоў.

Наступная выстаўка В. Васюкевіча пад назвай “Святло” адчынілася ў Інстытуце тэалогіі БДУ з блаславення кіраўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы. Дарэчы, у гэтай ВНУ выкладае айцец Аляксандр Шымбалёў, якому ягоны сан ніяк не перашкаджае прафесійна займацца астраноміяй. Пасля планетарыя нам з Віктарам здалося лагічным крокам перанесці сюды экспазіцыю. Дадзеная выстаўка паказала, што ў творчасці аўтара выразней пачала праяўляцца тэалагічная лінія. На карціне “У пачатку было Слова” мы не знойдзем якіх-кольвек графічных тэкстаў — у гэтым цалкам абстрактным творы жывапісец імкнецца візуалізаваць Першааснову, Божае Слова, усёстваральны і ўсёдаравальны пачатак. Слова-думка, што стварыла сусвет і змяшчае ў сабе яго цалкам. Але аўтар, хутчэй, перадае эмоцыю, сваё перажыванне гэтай з‘явы, чым уласна ідэю. Ён выяўляе тое, чаго нельга выказаць словамі. У некаторых творах, нягледзячы на іх абстрактную прыроду, можна разгледзець рэлігійную сімволіку. Напрыклад, на карціне “Запавет” — самым буйнамаштабным на сёння творы В. Васюкевіча — адлюстравана вясёлка як сімвал Запавету паміж Нябёсамі і зямлёю, паміж Богам і чалавекам, таго Запавету, што быў з‘яўлены людзям пасля сусветнага Патопу. Часта ў выявах жывапісца праступаюць абрысы крыжа як сімвала хрысціянства. Напрыклад, у рабоце “Альфа і Амега”, якая дала назву яго апошняй выстаўцы. Тут, зноў жа, мастак не ўводзіць абрысы грэчаскіх літар, ён абыходзіцца ўніверсальнымі сімваламі: крыжа як пачатку і круга як канца. Гаворачы словамі аўтара, тут выяўлены “пачатак, што не мае пачатку, і канец, што не мае канца”. Такі містыцызм светапогляду, глыбокі эзатэрычны змест уласцівы скрозь творчасці В. Васюкевіча. Напэўна, і сам аўтар не здольны канчаткова асэнсаваць створанае.

Выстаўка ў Чырвоным касцёле для мяне як куратара стала поўнай нечаканасцю. Некалі я выпадкова абмовіўся журналісту з радыё, што карціны В. Васюкевіча павінны быць выстаўлены там, дзе гучыць арган. Але я меў на ўвазе не канкрэтнае месца. І вось Віктар выпадкова знаёміцца з ксяндзом Уладзіславам Завальнюком; тое бачанне Боскага свету, што мастак дэманструе на сваіх палотнах, прыйшлося святару даспадобы, і выстаўка ў касцёле адчынілася літаральна праз дзень пасля агульнага знаёмства Напярэдадні яе адкрыцця, падчас нядзельнай імшы ксёндз-пробашч з амбона зачытаў для прыхаджан падборку вершаў В. Васюкевіча. Па словах служкаў касцёла, гэта гаворыць пра тое, што творчасць мастака напраўду ўразіла ксяндза-пробашча і ён самым дастойным чынам выказаў сваю павагу да самаадданай веры гэтага чалавека. 3 выстаўленых тут работ акрамя ўжо згаданых з рэлігійнай тэматыкай непасрэдна знітаваны карціны “Хай Свяціцца Імя Тваё” і “Слова”.

З культурнай антрапалогіі вядома, што ў многіх народаў на імёны бостваў накладвалася пэўнае табу, а дзеля іх ушанавання выкарыстоўваліся адмысловыя эпітэты. З гэтым звязаны пошукі сапраўднага імені Бога ў містычных вучэннях накшталт кабалы. На карціне “Хай Свяціцца Імя Тваё” В. Васюкевіч зноў жа пазбягае якой-небудзь канкрэтыкі, сцвярджаючы абстрактную, безасабовую прыроду Боства, якое не можа мець пэўнага імені ці вобраза. Жоўта-блакітныя хвалі разыходзяцца ад цэнтра палатна па ўсёй яго плоскасці як бясконцасць магчымых святых імёнаў.

У рабоце “Слова” выяўлены магутны згустак энергіі, што выпраменьвае духоўнае святло, сягаючы далёка за межы выявы і імкнучыся пашырыцца на ўвесь сусвет. У аснове гэтага “згустка” аўтар змясціў абрысы Крыжа Гасподняга. Можна сказаць, што на гэтай карціне жывапісец стварыў абстрактную выяву Хрыста, якога яшчэ называюць Логасам, што і азначае Слова Божае. Евангелле вучыць, што Бог увасобіў сваё Слова ў вобразе Сына, тым самым падарыўшы людзям сваё Адкрыццё. Стварэнне партрэтных выяў Хрыста ці чалавекападобных вобразаў Бога В. Васюкевіч знаходзіць непрымальным для сваёй творчасці. Такое бачанне Боскай прыроды ён лічыць сведчаннем невысокага духоўнага ўзроўню, што блізка старазапаветнай і пратэстанцкай этыцы. Але мушу зазначыць, што наш вядомы суайчыннік Аляксандр Ісачоў імкнуўся ўкласці ў свае партрэты падобнае да творчасці В. Васюкевіча пасланне і энергетыку.

Сёння выстаўка В. Васюкевіча “Альфа і Амега” часткова пераехала ў галерэю Vilnius , дзе яе можна пабачыць у чытальнай зале бібліятэкі № 18 (вул. Каліноўскага, 55). Невядома, якія далей крокі чакаюць В. Васюкевіча, дзе знойдуць прыстанак яго новыя экспазіцыі. Але мастак асабліва не засмучаецца на гэты конт, бо ведае, што знаходзіцца на правільным шляху— на шляху да Бога.

На здымках: работы В. Васюкевіча “Імгненне” і “Слова”.

Алесь Сухадолаў.
Фота аўтара.
Крыніца: Літаратура і мастацтва . № 16 (4613). 6 мая 2011 г.

----------

Комментарии

 

Бездну души я хотел показать,
То, что вдали, в глубине – рассказать.
Я, как колодец, где звёзды и ночь,
Мне исчерпать это просто невмочь

Вихрь
composition12